СУД ПРЫСЯ́ЖНЫХ,

суд, у склад якога акрамя пастаянных суддзяў уваходзяць прысяжныя засядацелі; адзін з найб. дэмакратычных ін-таў судовай сістэмы і ўсёй сістэмы органаў дзярж. улады, які ўвасабляе прынцып непасрэднага ўдзелу народа ў ажыццяўленні правасуддзя. У класічным варыянце складаецца з лавы прысяжных засядацеляў — калегіі з 6, 12 або інш. колькасці грамадзян (адбіраюцца па выпадковай методыцы для дадзенай справы і вырашаюць пытанні факта злачынства) і аднаго ці некалькіх прафес. суддзяў, якія вырашалі пытанні права. Як правіла, С.п. разглядае крымін. справы ў першай інстанцыі. Узнік у Англіі ў 12—15 ст., у Еўропе і некат. інш. частках свету пашырыўся пасля Франц. рэвалюцыі 1789—99. У наш час С.п. існуе ў ЗША, Вялікабрытаніі, Канадзе, Ірландыі, Швейцарыі і інш. У Расійскай імперыі (у т. л. на Беларусі) С.п. існаваў у 1864—1917. З 1993 паэтапна ўводзіцца ў некаторых суб’ектах Рас. Федэрацыі.

т. 15, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)